Свята духоўнасці і чысціні
Светлыя велікодныя дні – час асаблівай урачыстасці і духоўнай радасці. Напэўна таму мы стараемся менавіта ў гэты сакральны час звяртацца да вытокаў духоўнасці, той чыстай іскрыстай крыніцы, з якой так і бруіць жыццёвая сіла – прыгажосці, дабрыні, міласэрнасці, узаемаразумення, любові.
Нам патрэбна памятаць і пра тое, што беларусы – і дзяды, і бацькі нашы – заўжды адрозніваліся шчырай набажнасцю, вылучаліся глыбока паважлівымі адносінамі да царквы і шанавалі яе святыні. З веку ў век нашы продкі аберагалі і рупна даглядалі свае храмы. І сёння наш народ адрозніваецца шэрагам высакародных маральных якасцяў – рэдкаю дабрынёю, гасціннасцю і міралюбствам.
Вельмі важна ў сённяшні неспакойны час, калі ў краіне абвешчаны Годам народнага адзінства, ушанаваць гэтыя добрыя прыклады, каб жыць у міры і згодзе.
З 2016 года протаіерэй Аляксандр узначаліў Свята-Прыабражэнскую царкву г.Любані. Службы здзяйсняе заўсёды малітоўна, урачыста і паважна. Яго клопатам з’яўляецца далучэнне людзей да набожнага жыцця. Прыемна адзначыць, што ў апошні час назіраецца павышаная зацікаўленасць да царкоўнага жыцця. Пры царкве працуе нядзельная школа. Вялікую ўвагу дабрачынны ўдзяляе пытанням выхавання падрастаючага пакалення ў духу веры і маральнасці. Таму для многіх евангельскія каштоўнасці сталі нязменнымі жыццёвымі арыенцірамі.
Да таго ж святар валодае педагагічным талентам перадаваць і дзяліцца сваімі ведамі і перакананнямі, таму нядаўна правёў актуальныя духоўныя гутаркі ў Любанскай дзіцячай бібліятэцы, Рэдкавіцкай сярэдняй школе. А святочнымі дзянькамі духоўна-пасхальнай урачыстасці я запрасіла пратаіерэя Аляксандра ў Рэдкавіцкую сельскую бібліятэку, дзе сумесна з настаўнікамі малодшых класаў Святланай Дастанка і Таццянай Корбут, якія прыйшлі са сваімі выхаванцамі,мы ладзілі святочны літаратурны ранішнік “Вялікдзень - святкуем разам”.
Галоўная ўвага была звернута на сервіроўку пасхальнага стала, на якім пачэснае месца займалі куліч, як сімвал Божай спагады і міласэрнасці, фарбаваныя яйкі, бо яны сімвалізіруюць пачатак новага жыцця і надзею на ўсеагульнае будучае ўваскрэсенне.
- Свята з святаў і ўрачыстасць з урачыстасцей – так кажуць пра Вялікдзень – засяродзіў ўвагу прысутных святар – Гасподзь прыйшоў у гэты свет і , стаўшы богачалавекам, прынёс сябе ў ахвяру за грахі ўсяго чалавецтва і пазбавіў ўсіх людзей рабства граху. Сваёй смерцю Ісус Хрыстос перамог і знішчыў вечную смерць. У гэтым сутнасць свята. Не ўсе ведаюць, што свята Вялікадня доўжыцца на працягу 40 дзён, да дня Узнясення Гасподня, гэта свята сёлета будзе святкавацца 20 чэрвеня. На працягу 40 дзён пасля свайго ўзнясення Гасподзь з’яўляўся да апосталаў, падтрымліваў іх і адкрываў ім таямніцы Царства Нябеснага, усе гэтыя дні мы вітаем адзін аднаго прарочымі словамі “Хрыстос Уваскрос!” – “Сапраўды ўваскрос!”
Рабяты сцішана слухалі аповед дабрачыннага, які засяродзіў увагу на тым, што адбылося ў эдэмскім садзе, калі Адам саграшыў з Евай і яны ўзялі той плод. А Бог у гэты час прагульваўся па райскім садзе. Ён даў чалавеку зразумець свой грэх і раскаяцца. Але Адам схаваўся. Не Бог хаваецца ад нас, мы ад Яго хаваемся. Бог не стамляецца нас любіць. Гэта мы самі пра свае дрэнныя ўчынкі не хочам, каб Ён нас любіў. Бог дае шанс, каб мы змаглі пераглядзець сваё жыццё.
З Уваскрэсеннем Гасподнім звязана шмат добрых звычаяў. У гэтыя дні па традыцыі патрэбна было раздаваць падарункі тым, хто бядней за нас. Вялікая ўвага надзялялася вандроўнікам. Бог ад Вялікадня да Узнясення ходзіць па Зямлі выпрабоўваючы дабрыню і міласэрнасць кожнага з нас.
- Але, самае галоўнае, - кажа паважаны госць – у цэнтры свята павінен быць Гасподзь, і ўсё, што звязана з яго смерцю і Уваскрасеннем. Усё тое, што ён зрабіў дзеля нашага выратавання. Жадаю, каб вашы сэрцы былі перапоўнены любоўю адно да аднаго. Бо Сын Божы, які прыходзіць у гэты свет, каб бачыць вашы праблемы і клопаты, каб разам з вамі перажыць цяжкасці, якія выпадаюць вам на жыццёвым шляху.
Неўзабаве ўдзельнікі мерапрыемства адчулі нібы подых чагосьці таямнічага, таму што гарэзлівыя, спрытныя, вясёлыя хлапчукі і дзяўчынкі, стаўшы адзін за другім упэўнена, ўрачыста, выразна, зменьваючы адзін аднаго, чыталі ўзнёслыя вершы на пасхальную тэматыку, услаўляючы Ісуса Хрыста. Гучна называлі назву верша, імя і прозвішча пісьменніка, якому належаў верш.
Пры гэтым вылучыліся чытальнікі: Вольга Серпітоўская, Дар’я Лаўрыеня, Сафія Каваленка, Аляксей Зубар, Марыя Кулага, Ганна Кудзелка, Паліна Цыцэня, Мілана Базылевіч і іншыя. Весела было ўсім.
Як адзначылі настаўнікі, аб сваіх вучнях, кемлівыя, адказныя, шануюць, і з вялікай пагагай адносяцца да навакольнага свету, сябруюць з прыродай і між сабой, а найвялікцы цуд Уваскрэсення сына Божага дае нам магчымасць па-іншаму глядзець на жыццё, на нашу векавую хрысціянскую гісторыю.
А мне хочацца дадаць, давайце знойдзем у сабе духоўную моц, і ў святы, і ў будні час заставацца людзьмі, даруйце адзін аднаму нашы памылкі. Магчыма гэта тое адзінае, што уратуе нас сёння і захавае для будычыні.
Напрыканцы мерапрыемства ўсе вучні атрымалі пасхальныя і салодкія падарункі ад Святара і работнікаў Дома культуры.
Хрыстос уваскрэс, паважаныя землякі!
Бібліятэкар Рэдкавіцкай сельскай бібліятэкі Марыя Слівец
раскрыть » / « свернуть